ЗАХО́ДНЯЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ ПА АСУШЭ́ННІ БАЛО́Т.
Працавала ў 1873—98 пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Створана для вывучэння прыродна-кліматычных умоў Палесся, правядзення вышукальных работ, праектавання асушальнай меліярацыі і арганізацыі гідрамеліярац. буд-ва. Правяла пошукі і падрыхтавала ген. план асушэння балот Палесся (залаты медаль на сусв. выстаўцы ў Парыжы, 1878). У 1874 зацверджаны план асушэння балот на пл. каля 8,7 млн. га. За час работы экспедыцыі асушана каля 500 тыс. га балот (у асноўным казённыя дачы — землі памешчыкаў і чыноўнікаў, часткова землі сялян); пракладзена больш за 4,6 тыс. км каналаў асушальнага і лесатрансп. прызначэння. Даследавалася эфектыўнасць вырошчвання шматгадовых траў, бульбы, агародніны і збожжа на асушаных тарфяна-балотных глебах. Экспедыцыя арганізавала ў Пінску і в. Васілевічы (цяпер горад у Рэчыцкім р-не) метэастанцыі. Метэаназіранні вяліся таксама ў в. Дарашэвічы (Петрыкаўскі р-н) і на доследнай ферме «Бабічы» (Рэчыцкі р-н). На прытоках Прыпяці і З каналах пабудаваны 13 вадамерных пастоў. Экспедыцыя афіцыйна ліквідавана ў 1902.
Літ.:
Козловский П.Г. Мелиорация Полесья в досоветский период // Проблемы Полесья. 1978. Вып. 5.
т. 7, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)